Гісторыя заснавання ДУ РНМБ

Гісторыя стварэння Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі цесна звязана з развіццём медыцынскай адукацыі і навукі ў Беларусі.
Адпраўной кропкай да з’яўлення Дзяржаўнай навуковай медыцынскай бібліятэкі БССР (ДНМБ) стаў загад Наркамздароўя СССР ад 29 мая 1939 г. № 351, у якім павышэнне кваліфікацыі медыцынскіх работнікаў было вызначана ў якасці найважнейшай задачы аховы здароўя. У гэтым жа дакуменце Наркамздароўя саюзных рэспублік даручалася распрацаваць план арганізацыі медыцынскіх бібліятэчных сетак.
У 1940 г. быў зацверджаны асобны бюджэт і штат для ДНМБ, а 10 сакавіка загадам дырэктара Мінскага медыцынскага інстытута Ф.Я.Шульца яе дырэктарам быў прызначаны І.Б.Сіманоўскі. Менавіта гэты дзень прынята лічыць Днём нараджэння Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі.
Фота 1 – Загад па Мінскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце ад 16 мая 1940 года № 185 аб прызначэнні І.Б.Сіманоўскага дырэктарам Дзяржаўнай навуковай медыцынскай бібліятэкі
6 красавіка 1940 года пра стварэнне ДНМБ паведаміла газета «Звязда».
Дзякуючы самаадданай працы першых супрацоўнікаў, ужо да снежня яе фонд вырас да 15 тысяч экзэмпляраў, а міжбібліятэчны абанемент забяспечваў літаратурай 56 медыцынскіх устаноў з 34 раёнаў рэспублікі.
Фота 2 – Публікацыя ў газеце «Звязда» ад 6 красавіка 1940 года
На жаль, матэрыялы пра дзейнасць бібліятэкі ў даваенныя гады вельмі нешматлікія. Архіўныя дакументы сведчаць, што чытальная зала была адкрыта для наведвальнікаў штодня, без выхадных да 23.00. З розных крыніц устаноўлены імёны людзей, якія працавалі тады ў ДНМБ: С.Ф.Сяргеева, Р.Я.Механік, Р.Ш.Рыжык, Федэр, Ліпніцкая, Астрахан.
Фота 3 – Загад па Мінскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце ад 4 лютага 1941 г. № 61 аб устанаўленні дзяжурства ў бібліятэцы
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Дзяржаўная навуковая медыцынская бібліятэка БССР, як і многія ўстановы, апынулася ў эпіцэнтры разбурэнняў. Фонд, сабраны па крупінках у першы год працы, быў разрабаваны і знішчаны.
24 ліпеня 1944 года, практычна адразу пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, асобнай пастановай Саўнаркама БССР бібліятэка аднавіла сваю працу на базе Мінскага медыцынскага інстытута, дзе яна размяшчалася ў навучальнай бібліятэцы, займаючы да 1948 года памяшканне плошчай 18 кв.м.
Фота 4 – Пастанова Савета народных камісараў Беларускай ССР ад 24 ліпеня 1944 года «Аб аднаўленні дзейнасці Цэнтральнай рэспубліканскай медыцынскай бібліятэкі Наркамздароўя БССР»
У жніўні 1944 года дырэктарам бібліятэкі была прызначана С.Ф.Сяргеева, якая ўзначальвала адначасова навучальную бібліятэку Мінскага медыцынскага інстытута.
Фота 5 – Супрацоўнікі бібліятэкі. Дырэктар С.Ф.Сяргеева – другая злева ў першым радзе
Пачалася новая глава — аднаўленне страчанага.
Штат бібліятэкі ў 1940-1950-х гадах складаў 9 чалавек. Нягледзячы на такую малую колькасць і даволі сціснутыя ўмовы працы, аб’ём работы, якую яны выконвалі штогод, уражвае!
Асноўныя сілы супрацоўнікаў былі накіраваны на аднаўленне фонду, яго апрацоўку і адлюстраванне ў даведачна-пошукавым апараце бібліятэкі. Кнігі шукалі ў Мінску, арганізоўвалі пастаўкі літаратуры з Масквы, Ленінграда, іншых гарадоў саюзных рэспублік. Сярод мецэнатаў былі вядомыя прафесары-медыкі, якія перадалі ў фонд бібліятэкі свае асабістыя калекцыі. У выніку, за чатыры пасляваенныя гады ДНМБ цалкам колькасна аднавіла свае фонды і нават перасягнула даваенны ўзровень.
Адначасова праводзілася актыўная праца па папулярызацыі фонду. У год арганізоўвалася каля 30 кніжных выстаў. Нараўне з фарміраваннем уласных фондаў і ажыццяўленнем абслугоўвання чытачоў, Дзяржаўная навукова-медыцынская бібліятэка актыўна развівала метадычную дзейнасць. Штогод ажыццяўляліся камандзіроўкі супрацоўнікаў «для абследавання і інструктавання медыцынскіх бібліятэк», праводзіўся ўлік і аналіз іх дзейнасці.
«Давядзенне медыцынскай кнігі да кожнага медыцынскага работніка рэспублікі» — ключавая задача, якую паставіла сабе РНМБ з 1960-х, і якую з гонарам выконвае па цяперашні час.
У 1960-я гады была пачата праца па арганізацыі нестацыянарнага абслугоўвання: было адкрыта 12 пунктаў выдачы пры лячэбна-прафілактычных установах горада Мінска, 7 калектыўных абанементаў пры раённых бальніцах Мінскай вобласці. Да 1965 года ў бібліятэкі з’явілася 4 філіялы.
Фота 6 – Схема арганізацыі абслугоўвання РНМБ у 1960-я гады
Водгукі чытачоў з’яўляюцца лепшай ацэнкай поспехаў бібліятэкі ў тыя гады. З справаздачы за 1964 год: «Мы, сярэднія медработнікі Жодзінскай бальніцы, шырока карыстаемся паслугамі РНМБ. Адкрыццё калектыўнага абанемента пры бальніцы дае нам магчымасць знаёміцца з навейшымі дасягненнямі медыцынскай навукі, павышаць свае веды праз выпрабаванага памочніка – кнігу. Дзякуем калектыву бібліятэкі за набліжэнне кнігі да работнікаў перыферыі».
У наступныя гады сістэма філіялаў РНМБ пры буйных бальніцах і навукова-даследчых інстытутах г. Мінска ўключыла яшчэ тры адзінкі і паспяхова праіснавала больш за 30 гадоў.
«Вопыт работы РНМБ як адной з найбольш актыўных медыцынскіх бібліятэк ССР па арганізацыі філіялаў быў выкарыстаны Усесаюзным навукова-даследчым інстытутам медыцынскай і медыка-тэхнічнай інфармацыі пры падрыхтоўцы метадычных рэкамендацый «Укараненне філіяльнай сістэмы інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання медыцынскіх работнікаў» (Масква, 1976)» [1, с. 50].
Фота 7 – Метадычныя рэкамендацыі «Укараненне філіяльнай сістэмы інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання медыцынскіх работнікаў» (Масква, 1976)
У 1960-я гады развівалася сістэма міжбібліятэчнага абанемента: бібліятэка супрацоўнічала з медыцынскімі ўстановамі па ўсім Савецкім Саюзе – ад Рыгі да Ташкента.
Умацоўваліся міжнародныя сувязі. РНМБ падтрымлівала кантакты з арганізацыямі з ГДР, Польшчы, Чэхаславакіі, Румыніі і Венгрыі, атрымліваючы па кнігаабмене сотні кніг і часопісаў.
З 1960-х гадоў сталі традыцыйнымі выязныя выставы бібліятэкі для ўдзельнікаў медыцынскіх канферэнцый, з’ездаў, нарад і іншых падобных мерапрыемстваў. У 1963 годзе ўпершыню прайшла экскурсія па РНМБ для слухачоў Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. Дарэчы, гэтыя формы работы з патэнцыяльнымі чытачамі актыўна выкарыстоўваюцца і ў наш час.
Фота 8 – Выстава літаратуры РНМБ
З 1960-х гадоў бярэ пачатак і навуковы складнік дзейнасці бібліятэкі, важным кірункам якога стала падрыхтоўка і выданне прац па бібліяграфіі краязнаўчага характару. Паступова РНМБ стала цэнтрам нацыянальнай медыцынскай бібліяграфіі.
Фота 9 – Бібліяграфічныя паказальнікі літаратуры па ахове здароўя, выдадзенай з 1919 па 1985 год, падрыхтаваныя РНМБ
Год за годам фонд павялічваўся. Да канца 1960-х на ўліку ўжо знаходзілася больш за 500 тыс. экз. кніг і перыядычных выданняў. Перад РНМБ востра паўстала пытанне арганізацыі захавання гэтага багацця медыцынскіх ведаў.
Нягледзячы на тое, што ў 1972 годзе бібліятэка атрымала ў распараджэнне корпус шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны ў Бараўлянах, які пасля пераабсталявала пад кнігасховішча і размясціла ў ім 300 тыс. экз. розных выданняў, памяшканняў катастрафічна не хапала.
Сярэдзіна 1970-х гадоў адкрыла наступную главу ў гісторыі Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі.
У 1975 годзе было выдадзена Распараджэнне Савета Міністраў Беларускай ССР, у адпаведнасці з якім установа атрымала статус дэпазітарыя рэспубліканскага значэння па медыцынскай інфармацыі. А ў наступным годзе адбылася яшчэ адна эпахальная падзея – пераезд у новы чатырохпавярховы будынак, спецыяльна спраектаваны і пабудаваны для РНМБ на вуліцы Фабрыцыуса, 28 (галоўны архітэктар праекта – А.А.Беразоўскі). Пераезд быў пачаты ў канцы снежня 1976 года, а ўжо 22 сакавіка 1977 года адбылося ўрачыстае адкрыццё.
Фота 10 – Новы будынак РНМБ, 1977 год
Фота 11 – Адкрыццё новага будынка РНМБ, 1977 г. У цэнтры – дырэктар бібліятэкі Л.М.Паграбная.
Пераезд паслужыў імпульсам для ўдасканалення форм і метадаў работы. Абслугоўванне чытачоў стала дыферэнцыраваным. Для гэтага было арганізавана 5 спецыялізаваных залаў на 380 месцаў: для навуковых работнікаў, агульная чытальная зала, зала замежнай літаратуры, зала прагляду новай літаратуры, зала даведачна-інфармацыйнай літаратуры. Да канца 1970-х гадоў штат бібліятэкі складалі 80 супрацоўнікаў, палова з якіх мелі вышэйшую бібліятэчную адукацыю. У структуры ўстановы было выдзелена 10 аддзелаў, 8 сектараў і 7 філіялаў. Усё гэта спрыяла інтэнсіўнаму развіццю ўсіх кірункаў яе дзейнасці ў наступныя дзесяцігоддзі.
У практыку работы паспяхова ўвайшлі Тыдні інфармацыі, Дні інфармацыі і Дні спецыяліста як дзейсныя метады папулярызацыі фонду. Цікава, што ў 1980-х гадах на такіх мерапрыемствах, акрамя кніг і часопісаў, якія паступілі ў фонд за папярэдні месяц, прадстаўлялася інфармацыя пра новыя лекавыя прэпараты.
Значнасць бібліятэкі і яе фондаў вельмі высока ацэньвалася ў грамадстве, пра што прама і ўскосна сведчаць архіўныя дакументы. Напрыклад, з пункту гледжання сучаснасці, незвычайным падаецца загад міністра аховы здароўя (!), якім чытач бібліятэкі, урач N-скай бальніцы, які выразаў лісты і схемы з часопісаў і кніг, пазбаўляўся права карыстання РНМБ. Парушальніку была аб’яўлена вымова, а яго кіраўніку прадпісвалася «абмеркаваць у калектыве ганебны ўчынак урача… і палепшыць выхаваўчую працу сярод медыцынскіх работнікаў па захаванасці сацыялістычнай уласнасці». Учынак чытача ў тэксце загаду быў ацэнены як такі, што «ганьбіць званне ўрача і несумяшчальны са званнем навуковага работніка». Гэты дакумент з’яўляецца яркім сведчаннем вельмі паважлівага і трапяткога стаўлення да бібліятэкі і яе рэсурсаў.
Фота 12 – Фрагмент Загада Міністра аховы здароўя «Аб грубым парушэнні Правілаў карыстання Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкай МЗ БССР і псаванні бібліятэчных кніг»
Упэўненаму развіццю РНМБ заўсёды спрыялі навуковыя даследаванні, вынікі якіх ляжалі ў аснове кіраўніцкіх рашэнняў, што прымаліся. У 1980-х гадах навуковая работа была накіравана як на вызначэнне перспектыў далейшай дзейнасці ўстановы, так і канцэптуальных праблем развіцця бібліятэк у маштабах усяго Савецкага Саюза.
РНМБ прымала актыўны ўдзел ва Усесаюзных даследаваннях, такіх як «Перспектывы развіцця фондаў навуковых бібліятэк», «Рацыянальнае размяшчэнне і выкарыстанне бібліятэчных рэсурсаў у краіне», «Вывучэнне запытаў спецыялістаў галіны і шляхі аптымізацыі іх задавальнення», «Тыпавыя нормы часу на асноўныя віды работ, якія выконваюцца работнікамі бібліятэк розных тыпаў» і інш.
1990-я гады зноў унеслі эпахальныя змены ў жыццё арганізацыі. Разам з усёй краінай яна ўдзельнічала ў пабудове новай суверэннай дзяржавы. У складаны перыяд станаўлення Рэспублікі Беларусь рэзка скараціліся аб’ёмы камплектавання. Так, калі ў 1990 годзе колькасць новых паступленняў перавышала 35 тыс. экз., то ў 1992 годзе гэты паказчык ледзь дасягнуў 16,5 тыс. экз., а ў 1995 – 10,7 тыс. экз. З 1992 года пачалі закрывацца філіялы РНМБ: у 1992 — №5, 1993 – №2 і №7, 2005 – № 1, №3 і №6, 2006 – №4.
Нягледзячы на фінансавыя і арганізацыйныя цяжкасці, з якімі давялося сутыкнуцца бібліятэцы ў 1990-я, гэты час стаў пачаткам новага якаснага вітка ў яе развіцці.
З 1991 года РНМБ прыступіла до ўкаранення новых інфармацыйных тэхналогій. Для гэтага быў арганізаваны сектар аўтаматызацыі, які на пяці першых камп’ютарах вырашаў інавацыйныя задачы па ўкараненні IT у працэсы камплектавання, апрацоўкі і каталагізацыі дакументаў, а крыху пазней – арганізацыі абслугоўвання карыстальнікаў і выкарыстання баз даных.
«Арганізаваць для ўсіх карыстальнікаў бібліятэкі эфектыўны і хуткі доступ да ўсіх інфармацыйных рэсурсаў РНМБ у анлайн-рэжыме і да міжнародных матэрыялаў глабальных сетак, у першую чаргу, па медыцыне, ахове здароўя і іншых сумежных кірунках» – такую мэту акрэсліла для сябе бібліятэка ў другой палове 1990-х і пачала паступальна рухацца да яе дасягнення.
Сваё першае анлайн-прадстаўніцтва РНМБ арганізавала ў 1997 годзе ў выглядзе інтэрнэт-старонкі пра бібліятэку, якая ўжо да 1998 года была пераўтворана ў шматстаронкавы сайт, што прадстаўляў усе аспекты яе дзейнасці. З цягам часу сайт відазмяняўся, набываючы не толькі новы дызайн, але і інфармацыйнае напаўненне. Пра тое, наколькі паспяховым быў і да гэтага часу застаецца гэты анлайн-рэсурс, сведчыць не толькі штогадовая станоўчая дынаміка колькасці яго наведванняў, але і ўзнагарода на Міжнароднай спецыялізаванай выставе TIBO, атрыманая ў 2011 годзе.
Фота 13 – Дыплом на Міжнароднай спецыялізаванай выставе TIBO, 2011 г.
Фота 14 – Інтэрфейс сайта РНМБ, 2011 г.
Другая палова 1990-х – гэта час устойлівага і імклівага развіцця IT-тэхналогій: парк камп’ютарнай тэхнікі штогод пашыраўся, аб’ёмы баз даных павялічваліся. У 1998 годзе ў РНМБ была ўкаранёна новая АБІС «ІРБІС». Гэта дазволіла комплексна аўтаматызаваць усе бібліятэчныя працэсы, пачынаючы ад заказу і апрацоўкі літаратуры, якая камплектуецца, і заканчваючы рэгістрацыяй карыстальнікаў і выдачай ім літаратуры. Вопыт РНМБ у частцы інфарматызацыі быў цікавы не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой, пра што сведчаць шматлікія выступленні тэхнічных спецыялістаў, зробленыя імі ў тыя гады на розных навуковых пляцоўках.
1990-я – гэта перыяд актывізацыі навукова-арганізацыйнай дзейнасці. Нараўне з лакальнымі нарматыўнымі дакументамі, накіраванымі на арганізацыю работы медыцынскіх бібліятэк, РНМБ прымала актыўны ўдзел у распрацоўцы дакументаў, якія рэгламентуюць функцыянаванне бібліятэчнай галіны Беларусі. Так, пры яе непасрэдным удзеле былі распрацаваны такія дакументы як «Канцэпцыя развіцця бібліятэчнай справы ў Рэспубліцы Беларусь», Закон Рэспублікі Беларусь «Аб бібліятэчнай справе», Статут Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі і іншыя.
Аўтарытэт РНМБ як інфармацыйнага і навуковага цэнтра з года ў год умацоўваўся не толькі ў Беларусі, но і далёка за яе межамі. Сярод партнёраў установы ў справаздачах за розныя гады значыліся Дзяржаўная цэнтральная навуковая медыцынская бібліятэка Расіі, Украінская Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка, Нацыянальная медыцынская бібліятэка ЗША, бібліятэка Масачусецкага ўніверсітэта, розныя грамадскія арганізацыі.
З студзеня 1995 г. рашэннем Еўрапейскага рэгіянальнага Бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) РНМБ стала Цэнтрам дакументацыі СААЗ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
У гэтым жа годзе разам з рэдакцыяй часопіса «Здравоохранение» і фірмай «ЮПОКОМ» бібліятэка выступіла ў якасці заснавальніка часопіса «Медицинские новости», а яшчэ праз два гады атрымала сваю першую ліцэнзію на паліграфічную дзейнасць.
Фота 15 – Першы выпуск часопіса «Медицинские новости»
Новае тысячагоддзе паставіла перад РНМБ новыя задачы.
У 2001 годзе ў яе структуры быў створаны навукова-інфармацыйны аддзел. Яго з’яўленне стала адказам на растучыя патрэбнасці сістэмы аховы здароўя ў сучаснай навуковай медыцынскай інфармацыі і новых формах работы. У гэтым жа годзе бібліятэка пачала рэалізацыю навуковага праекта «Эксплуатацыя і развіццё медыцынскай навуковай інфармацыйнай камп’ютарнай сеткі» (МедНІКС). У межах праекта быў створаны адзіны навуковы медыцынскі партал MED.BY, які аб’яднаў інтэрнэт-рэсурсы РНМБ на адной пляцоўцы.
XXI стагоддзе палажыла пачатак і выдавецкай дзейнасці бібліятэкі. Яна атрымала адпаведную ліцэнзію, а штогадовыя зборнікі «Сучасныя метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі захворванняў», «Дасягненні медыцынскай навукі Беларусі», інфармацыйна-даведачны каталог «Ахова здароўя Беларусі» замацавалі за ёй статус кампетэнтнага выдавецтва ў медыцынскай галіне нашай краіны.
2001 год стаў адпраўной кропкай і штогадовага ўдзелу РНМБ у аўтарытэтным Міжнародным медыцынскім форуме «Ахова здароўя Беларусі».
Другое пяцігоддзе XXI стагоддзя можна назваць часам глабальных рэканструкцый. У 2006 году быў ажыццёўлены капітальны рамонт будынка, у выніку чаго фасад бібліятэкі і яе ўнутраныя памяшканні зведалі значныя змены, а для супрацоўнікаў і чытачоў створаны яшчэ больш камфортныя ўмовы для працы. Была ўкаранёна сістэма адкрытага доступу, дакументы атрымалі ахоўныя маркеры, абсталявана супрацькрадзёжная сістэма.
У гэтым жа годзе ў структуру РНМБ увайшоў Музей гісторыі медыцыны Беларусі, які пашырыў і якасна змяніў інфармацыйнае напаўненне бібліятэкі, зрабіўшы яе ўнікальным комплексам, што шматаспектна прадстаўляе медыцынскую галіну нашай краіны.
Паралельна развівалася пазабюджэтная дзейнасць. У 2014 годзе была ўкаранёна новая паслуга — маніторынг перыядычных выданняў на прадмет выяўлення інфармацыі пра лекавыя сродкі. Такая ўнікальная паслуга і зараз аказваецца бібліятэкай 22 айчынным і замежным фармкампаніям.
Пачатак другога дзесяцігоддзя XXI стагоддзя азнаменаваны інтэнсіўным развіццём дыстанцыйнага абслугоўвання. У 2021 годзе быў набыты спецыяльны планетарны кніжны сканер, які дазволіў аператыўна пераводзіць друкаваныя выданні ў лічбавы фармат, а ўжо праз год была ўведзена ў эксплуатацыю Электронная медычная бібліятэка (ЭМБ).
Асаблівасцю ЭМБ РНМБ з’яўляецца тое, што яна не толькі дэманструе электронную калекцыю бібліятэкі (сёння гэта больш за 120 тыс. дакументаў або 2,6 млн старонак), але і алічбоўвае выданні па заказе карыстальнікаў. І такім чынам чытачы атрымліваюць аддалены доступ да ўсяго фонду, акрамя дысертацый. А гэта на сённяшні дзень больш за 960 тыс. экз. навуковых выданняў!
У дапаўненне да ўласных друкаваных і электронных інфармацыйных рэсурсаў (ЭІР) РНМБ штогод набывае доступ да электронных бібліятэк Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі і Цэнтральнай навуковай медыцынскай бібліятэкі Першага Маскоўскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта імя І. М. Сячэнава, прававых баз даных «Кансультант» і «Эталон». І такім чынам, фонд традыцыйных дакументаў дапаўняецца тысячамі навуковых публікацый з ЭІР.
Каб дапамагчы карыстальнікам умела выкарыстоўваць гэтае багацце медыцынскіх ведаў, установа аказвае цэлы шэраг дадатковых паслуг і сэрвісаў.
На працягу шэрага гадоў у бібліятэцы паспяхова функцыянуюць Віртуальная даведачная служба і Электронная дастаўка дакументаў. Ажыццяўляецца паслуга Індывідуальнай рассылкі інфармацыі (ІРІ), дзякуючы якой абаненты штомесяц бясплатна атрымліваюць на сваю электронную паштовую скрыню інфармацыю пра новыя паступленні па тэме, якая іх цікавіць. Прадастаўляюцца паслугі па пошуку неабходнай інфармацыі, рэдагаванні бібліяграфічных спісаў, індэксаванні і інш.
Дзякуючы актыўнаму ўкараненню сучасных інфармацыйных тэхналогій, на сённяшні дзень практычна ўсе інфармацыйныя рэсурсы і сэрвісы бібліятэкі даступны ў анлайн-рэжыме ў любым месцы Беларусі ў рэжыме 24/7. Такім чынам, споўнілася мара многіх пакаленняў супрацоўнікаў РНМБ аб «давядзенні медыцынскай кнігі да кожнага медыцынскага работніка рэспублікі».
За час свайго існавання РНМБ не раз змяняла назву, месцазнаходжанне, кіраўнікоў, тэхналогіі і формы работы. Але нязменным заўсёды заставалася адно — энтузіязм, самаадданасць і бясконцая адданасць яе супрацоўнікаў сваёй прафесіі, сваёй бібліятэцы. Менавіта дзякуючы гэтаму сёння РНМБ упэўнена развіваецца, прапануючы сваім чытачам усё новыя спосабы аператыўнага доступу да медыцынскай інфармацыі.