У фондах Музея гісторыі медыцыны Беларусі захоўваецца шмат медыцынскіх інструментаў і прылад, сярод якіх – драўляны стэтаскоп ўрача Сяргея Восіпавіча Ліаранцэвіча (1888–1959) з наступным надпісам: «С. І. Ліоренцевічъ 1913 г. В. Мед Акад г. Петербургъ». У 1913 г. Сяргей Восіпавіч завяршыў навучанне ў Ваенна-медыцынскай акадэміі ў Пецярбургу. Сяргей Ліаранцэвіч удзельнічаў як ваенны лекар ў Першай сусветнай вайне, потым у шэрагах Чырвонай Арміі, працаваў ў Віцебску, выкладаў на кафедры тэрапіі Віцебскага медыцынскага інстытута. Падчас Вялікай Айчынай вайны працаваў у эвакуацыйным шпіталі. Пасля вайны быў намеснікам галоўнага лекара стацыянара 4-й бальніцы спецыяльнага назначэння Міністэрства аховы здароўя БССР.
Вядомым пацыентам доктара Ліаранцэвіча быў народны паэт Беларусі Якуб Колас. Менавіта з Сяргеем Ліаранцэвічам, якога Якуб Колас ласкава называў доктарам Ле-Лі, у класіка беларускай літаратуры склаліся вельмі цёплыя сяброўскія адносіны. Сяргею Ліаранцэвічу паэт прысвяціў найбольшую колькасць вершаў – «Малітва доктару Ле-Лі», «Добраму ўрачу Ліо-ра-чу», «Пажаданні доктару-паляўнічаму» і іншыя.
Нам дакладна невядома, ці выкарыстоўваў гэты стэтаскоп С. В. Ліаранцэвіч, калі праводзіў агляд ды кансультаваў хворага Якуба Коласа, але верагодна доктар мог карыстацца сваей прыладай для лекавання вядомага беларускага дзеяча літаратуры.
Пры падрыхтоўцы паведамлення выкарыстоўваліся матэрыялы з віртуальнай выставы Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага Музея Якуба Коласа «Дактары Якуба Коласа» (http://kolasmuseum.by/be/novyya-videa-na-nashym-kanale/daktary-yakuba-kolasa).