21 лютага штогод адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны на Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года, каб дапамагаць захаванню культурнай і моўнай разнастайнасці ў свеце.
У Музеі гісторыі медыцыны Беларусі захоўваюцца медыцынскія кнігі 1920–1930-х гг. на беларускай мове, сярод якіх ёсць падручнік Вільяма Юльянавіча Мранговіуса «Скурныя і венерычныя хваробы (у табліцах)», выдадзены ў 1930 годзе.
Як лічаць аўтары артыкула «Беларуская мова ў медыцынскай адукацыі» С. Дз. Дзянісаў і С. П. Ярашэвіч, дадзенае выданне В. Ю. Мранговіуса было першым падручнікам на беларускай мове для вышэйшых медыцынскіх навучальных устаноў. Прафесар, дэрматолаг Вільям Юльянавіч Мранговіус (1874–1938) з’яўляўся першым загадчыкам кафедры скурных і венерычных хвароб медыцынскага факультэта БДУ ў 1923–1930 гг.
У прадмове В. Ю. Мранговіюс пісаў: «Першае выданне маёй кнігі “Скурныя і вэнэрычныя хваробы” – у табліцах на расійскай мове разышлося на працягу некалькіх месяцаў (аднаго навучальнага году), што паказвае на значную патрэбу ў такім скарочаным падручніку для студэнтаў, гэтак і для дактароў». Аўтар таксама адзначаў, што новае выданне яго працы на беларускай мове атрымалася выпраўленым і значна дапоўненым. Цікава, што ў гэтай прадмове прафесар выказваў словы падзякі свайму калегу – урачу-венеролагу Пятру Васільевічу Дыла – за дапамогу ў перакладзе кнігі на беларускую мову.
Яшчэ больш даведацца аб развіцці і станаўленні беларускай медыцынскай навукі можна ў Музеі гісторыі медыцыны Беларусі. Запрашаем вас на цікавыя і пазнавальныя экскурсіі!