История в предметах

Тэлеграма паэта Якуба Коласа доктару Барысу Трусевічу

 

У гэтым годзе споўнілася 140 год з дня нараджэння Народнага паэта БССР, пісьменніка, драматурга, перакладчыка, грамадскага дзеяча Якуба Коласа (1882–1956), а таксама 130 год з дня нараджэння урача-тэрапеўта, прафесара Барыса Іпалітавіча Трусевіча (1892–1961).

У фондах музея гісторыі медыцыны Беларусі РНМБ захоўваецца цікавы прадмет, які звязаны з гэтымі двума выбітнымі дзеячамі – тэлеграма, адпраўленая Якубам Коласам вядомаму тэрапеўту, акадэміку АН БССР, прафесару, доктару медыцынскіх навук Барысу Іпалітавічу Трусевічу. У тэлеграме Я. Колас сардэчна віншаваў Б. І. Трусевіча з саракагоддзем яго слаўнай дзейнасці ў галіне медыцыны і жадаў слыннаму доктару добрага здароўя і многіх гадоў жыцця.

Варта дадаць, што Б. І. Трусевіч быў у ліку тых дактароў, які займаўся лячэннем Якуба Коласа. Калі ў студзені 1955 года ў вядомага паэта значна пагоршыўся стан здароўя, то як узгадвае Максім Лужанін: «на парозе спаленькі з’яўляецца магутнейшая дакторская брыгада. Прафесары Д. А. Маркаў і Б. І. Трусевіч і ўрач… С. І. Ліаранцэвіч».

Я. Колас узгадваў Б. І. Трусевіча ў некаторых сваіх творах. У невялікім вершы, напісаным у 1955 годзе, паэт скардзіцца свайму другому доктару – С. І. Ліаранцэвічу:

Дарагі Сяргей Іосіфавіч!
Паведамляю Вас, што я не блазан,
Барыс Іпалітавіч мне супрацьпаказан.

У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваецца рукапіс верша «Дактарам», пад назвай якога рукою класіка беларускай літаратуры пазначана «Маім шаноўным дактарам – Д. А. Маркаву, Б. І. Трусевічу і С. І. Ліяранцэвічу, свяцілам зямлі Беларускай».

 

Пры падрыхтоўцы паведамлення выкарыстоўваліся матэрыялы з віртуальнай выставы Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага Музея Якуба Коласа «Дактары Якуба Коласа» (http://kolasmuseum.by/be/novyya-videa-na-nashym-kanale/daktary-yakuba-kolasa).