Напярэдадні юбілею, 15 жніўня, у Цэнтральным доме афіцэраў прайшоў урачысты сход, прымеркаваны да гэтай значнай даты. У правядзенні мерапрыемства прыняла ўдзел і Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка, прадставіўшы адразу дзве выставачныя экспазіцыі.
Першая пляцоўка, арганізаваная сумесна з групай ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Эпоха” пры Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, была прысвечана гісторыі ваеннай медыцыны ў гады Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войн. Тут былі прадстаўлены медыцынскія інструменты, элементы ўніформы, амуніцыі і побыту ваенных медыкаў.
Другая экспазіцыя прадэманстравала выданні часоў Вялікай Айчыннай вайны з фонду РНМБ. Кожная кніга, кожная брашура, выстаўленая тут, пастаронкава раскрывала гасцям вопыт ваенных медыкаў, здабыты на фронце цаной неймаверных страт і найцяжкіх выпрабаванняў.
Тут жа ўдзельнікі знаёміліся з сучаснай літаратурай па ваеннай медыцыне, даведваліся пра рэсурсы і паслугі бібліятэкі, а многія скарысталіся прадастаўленай магчымасцю зарэгістравацца ў якасці карыстальнікаў Электроннай медыцынскай бібліятэкі РНМБ.
Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка віншуе калектыў Цэнтра з юбілеем і жадае моцнага здароўя, прафесійных адкрыццяў, новых дасягненняў і поспехаў у выкананні важнай і адказнай місіі выратавання жыццяў!