21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, які быў абвешчаны ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 г. З гэтай нагоды Музей гісторыі медыцыны Беларусі прадстаўляе вашай увазе цікавыя прадметы са сваіх фондаў – падручнік на беларускай мове «Асновы паталагічнай анатоміі» у дзвюх частках, аўтарам якога з’яўляецца Іван Трафімавіч Цітоў (1875–1949) – прафесар, загадчык аб’яднанай кафедры паталагічнай анатоміі і паталагічнай фізіялогіі медыцынскага факультэта БДУ, загадчык кафедры паталагічнай анатоміі Беларускага (Мінскага) дзяржаўнага медыцынскага інстытута ў 1930–1941 гг., 1944–1949 гг. Першая частка пад назвай «Агульная паталагічная анатомія» выйшла ў свет ў Беларускім Дзяржаўным выдавецтве ў 1936 г., другая частка «Спецыяльная паталагічная анатомія» – ў 1937 г. Як падкрэслівалі даследчыкі гісторыі Мінскага медыцынскага інстытута, дадзеныя падручнікі на працягу многіх год былі каштоўнымі дапаможнікамі для студэнтаў, урачоў і лабарантаў. У прадмове да першай часткі сваей грунтоўнай працы І. Т. Цітоў адзначаў наступнае: «У сувязі з ростам ВНУ ва ўсіх без выключэння нацыянальных рэспубліках СССР, зусім натуральна ўзнікла патрэба ў падручніках на адпаведнай мове, бо з боку студэнцтва заўседы чуліся скаргі на адсутнасць такіх падручнікаў. Таму зусім зразумела імкненне Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі задаволіць гэтую патрэбу. Калі Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі звярнулася да мяне з просьбай напісаць кароткі курс паталагічнай анатоміі, то я спачатку думаў параіць перакласці на беларускую мову падручнік праф. Нікіфарава і праф. Абрыкосава, але нарэшце ўважыў просьбам некаторых сваіх вучняў выдаць свой курс паталагічнай анатоміі, як я выкладаў яго на працягу цэлага раду гадоў на сваіх лекцыях».
История в предметах
Падручнік І.Т.Цітова Асновы паталагічнай анатоміі