История в предметах

Навукова-папулярны нарыс Б.Я. Эльберта «Заразьлівыя хваробы праз ваду і харч»

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 г.

З гэтай нагоды Музей гісторыі медыцыны Беларусі прадстаўляе вашай увазе цікавы прадмет са сваіх фондаў – брашуру на беларускай мове «Заразьлівыя хваробы праз ваду і харч» з серыі «Фізкультура – Гігіена – Здароўе», выдадзеную ў 1930 г. у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. Аўтар выдання – Б. Я. Эльберт (1891-1963), прафесар, мікрабіёлаг, стваральнік і першы загадчык кафедры мікрабіялогіі медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адачасова заснавальнік і дырэктар Беларускага санітарна-бактэрыялагічнага інстытута.

Даследчык гісторыі медыцыны Беларусі М. С. Шумін адзначае, што з 1929 г. распаўсюджванне атрымалі кнігі і брашуры з серыі «Гігіена – Фізкультура – Здароўе». Дадзеныя выданні былі прадстаўлены ў выглядзе навукова-папулярных нарысаў, у якіх аўтары ў простай, даступнай форме распавядалі аб узбуджальніках розных захворванняў, спосабах іх лячэння, дзейнасці ўстаноў аховы здароўя ў барацьбе з імі. Акрамя гэтага ў канцы такіх выданняў былі размешчаны памяткі, накіраваныя на прадухіленне распаўсюджвання розных захворванняў. У брашуры «Заразьлівыя хваробы праз ваду і харч» аб гэтым было напісана: «Абараняйце ўсю веску: зрабеце ізолятар для хворых. Зрабеце прышчэпку ўсім жыхаром вёскі. Ахоўвайце студні ад забруджаньня, зачыняйце іх зьверху, зрабеце праверку, ці не трапаляе ў студні бруд. Для коняй зрабеце карыта далей ад студні, ніжэй яе. Памятайце аб прыбіральнях, залівайце іх карболаўкаю, альбо засыпайце густа вапнаю. Абараняйце кожны сябе. Накіруйце хворага з вашай хаты у ізолятар. Мыйце рукі вадою, карболаўкаю, мылам, зніштажайце мух».

Аўтар навукова-папулярнага нарысу ў прадмове адзначаў мэту выдання: «У гэтым нарысе пра заразьлівыя хваробы праз ваду і харч я маю на мэце высьветліць сутнасьць цэлага раду заразьлівых хвароб брушнога тыфусу, паратыфусу і крываўкі. Усе гэтыя хваробы маюць вельмі многа агульнага».

Вокладка брашуры «Заразьлівыя хваробы праз ваду і харч» мастацкі аформленая. Варта дадаць, што на выданні можна ўбачыць і прозвішча мастака вокладкі, якім з’яўляецца А. Абрамаў. Цікава, што гэтае ж імя і прозвішча пазначана ў выданнях 1927 і 1932 гг. прыгодніцкай аповесці «У краіне райскай птушкі» беларускага пісьменніка Янкі Маўра (сапраўдн. – Іван Іванавіч Федараў).

Акрамя брашуры «Заразьлівыя хваробы праз ваду і харч» ў 1930 г. з гэтай жа серыі былі надрукаваны наступныя выданні Б. Я. Эльберта: «Што такое шаленства і як з ім змагацца», «Шкарлятына і адзёр», «Дыфтэрыя. Прыгатаваньне дыфтэрыйнай сыроваткі».